За плённую працу – высокія ўзнагароды: Святлана Ярашэвіч удастоена Ганаровай граматы Савета Міністраў Беларусі

Цяперашні час адкрывае перад чалавецтвам вялікія гарызонты магчымасцей. Ні табе ў чэргах стаяць для аплаты камунальных паслуг, зараз гэта проста зрабіць не выходзячы з дому. Ні табе далікатнай лэдзі важкія сумкі з прадуктамі цягнуць, спрытны кур’ер даставіць усё неабходнае прама пад дзверы. А каб паразмаўляць з сяброўкай, якая жыве на другім кантыненце, дастаткова абзавесціся тэлефонам ці камп’ютэрам і наладзіць відэасувязь праз інтэрнэт. Так і на прадпрыемстве, апошняе слова за найноўшымі дасягненнямі навукі і тэхнікі. Удалае ўкараненне іх і разумнае выкарыстанне ў некалькі разоў палягчае людскую працу і робіць яе больш эфектыўнай.

Шлях удасканалення на ААТ «Гродна Азот» абраны ўжо даўно. І ідзе ім не адзін чалавек. Гэта велізарны калектыў, гэта сумленныя і мэтанакіраваныя спецыялісты, гэта людзі спрактыкаваныя, якія на прадпрыемстве пуд солі з’елі і ведаюць, дзе і што патрэбна яшчэ падшліфаваць. Да прыкладу, начальнік сектара пастаноўкі задач аўтаматызаваных сістэм кіравання аддзела інфармацыйных тэхналогій Святлана ЯРАШЭВІЧ. Ужо болей 30 год яна працуе на заводзе ў гэтай сферы. Пачынала інжынерам, з цягам часу дарасла да цяперашняй пасады. Таму не дзіўна, што ў сваёй галіне Святлана Лявонцьеўна як рыба ў вадзе.

Ярошевич фото.jpg

Пацвярджэнне таму – рэалізаваныя ёю праекты. Адзін са створаных праграмных прадуктаў Святланы Ярашэвіч прадстаўляе шырокія магчымасці для спецыялістаў па кадрам, эканамістаў, бухгалтараў пры разліку зарплаты і кадраваму ўліку ў адзінай сістэме дадзеных Oracle. У праграмным рашэнні прадугледжана фарміраванне інфармацыі для персаніфікацыі супрацоўнікаў, вядзенне графікаў працы і аўтаматызаванае састаўленнетабеля ўліку працоўнага часу, выкананне розных грашовых разлікаў, рэалізавана таксама падсістэма кадравай аналітычнай справаздачнасці.

Акрамя таго, Святлана Лявонцьеўна мае дачыненне і да другіх немалаважных новаўвядзенняў. Пад яе непасрэдным кіраўніцтвам сфарміраваны комплекс праграм па разліку зарабатнай платы ва ўнітарных прадпрыемствах «АзотСпецТранс» і «АзотСэрвіс», існуе аўтаматызаваны абмен інфармацыяй аб работніках філіяла «Завод Хімвалакно» і наладжана перадача дадзеных для сістэмы «e-DOKTOR». Не без яе ўдзелу быў наладжаны комплекс работ па правядзенню дэнамінацыі заработнай платы і пераводу рахункаў працаўнікоў на новы фармат IBAN.

Святлана Лявонцьеўна адрозніваецца надзвычайнай працавітасцю, стараннасцю і высокай ступенню адказнасці, – сцвярджае кіраўніцтва аддзела. – Яе ведаюць як тэхнічна граматнага спецыяліста, і як чалавек яна вельмі добразычлівая.

У галіне ўкаранення перадавых інфармацыйных тэхналогій Святлана Ярашэвіч карыстаецца не толькі айчынным знаходкамі, за яе плячыма багаты замежны вопыт. Таму і ідзе моладзь да дасведчанага спецыяліста вучыцца. Пераняць жа цэнныя веды – дарагога варта.

Згадзіцеся, такія людзі – самая сапраўдная каштоўнасць. Усе іх думкі і дзеянні толькі на карысць прадпрыемства. Грэх не аддзякаваць за такую самааддачу. А як вядома, на «Азоце» да выканання гэтага пункта ставяцца сур’ёзна, калі бачаць, што чалавек годны. Так, за шматгадовую плённую працу ў 2012 годзе Святлана Ярашэвіч узнагароджвалася Ганаровай граматай канцэрна «Белнафтахім», у 2008-м – Ганаровай граматай прадпрыемства. Мінулы год прынёс таксама высокую ўзнагароду – Ганаровую грамату Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Алена КАРПУК
Фота Валерыя ВАСІЛЕВІЧА

Стоит почитать

Последние новости