Ветэран працы ААТ «Гродна Азот» Мікалай Іваноўскі стаў членам Саюзу пісьменнікаў Беларусі

Паважаны госць наведаў сёння рэдакцыю «Гродзенскага хіміка». Мікалай Пятровіч Іваноўскі – ветэран працы ААТ «Гродна Азот», які аддаў роднаму прадпрыемству больш за 35 гадоў свайго жыцця, наш дарагі сябра, таленавіты паэт, пяро якога аддана і спагадліва адлюстроўвае вобраз роднай Беларусі ў вершаваных радках. Не адзін раз мы расказвалі вам пра яго творчасць на старонках нашага выдання, не адзін раз і ён выступаў у ролі няштатнага аўтара.

MyCollages.jpg

Мікалай Пятровіч мае багатую літаратурную скарбонку – пад яго аўтарствам выйшла ўжо нямала кніг і ён працягвае пісаць. Вось і зараз прынёс дзве новыя кнігі: «Сцяжынка дзяцінства» і «Загадкі на ўсе выпадкі». Абедзве – для маленькіх беларусаў.

Навіна, якой падзяліўся ветэран-азотавец з намі, – сапраўдная нагода для гонару: учора наш Мікалай Пятровіч стаў членам Саюзу пісьменнікаў Беларусі! Яшчэ раз віншуем! Мы сапраўды (упэўнены, што нашы чытачы з намі згодны) натхняемся вашай творчасцю. Спадзяёмся, што наперадзе яшчэ больш цудоўных твораў, прысвечаных Радзіме і роднай мове, прапушчаных праз душу!

****
Мікалай Пятровіч Іваноўскі трапіў на прадпрыемства ў 1971 годзе. Быў накіраваны ў цэх капралактам-1, дзе адпрацаваў апаратчыкам вышэйшага шостага разраду 13 гадоў.

Толькі цёплыя ўспаміны ў Мікалая Іваноўскага пра гады працы ў адным з самых складаных цэхаў буйнога прадпрыемства. Як і пра той час, калі давялося працаваць слесарам-інструментальшчыкам і інструментальшчыкам у арматурным цэху.

Першую кнігу «Нашчадкі рода Іваноўскіх» Мікалая Іваноўскага, якая выйшла ў свет у 2015 годзе, багата ілюстраваў яго брат Дзмітрый. Ён таксама на працягу дзесяці гадоў працаваў на прадпрыемстве «Гродна Азот». Другая кніга Мікалая Пятровіча «Пяром і сэрцам» была надрукавана ў 2017 годзе.

Дзве апошнія кнігі выдадзены зусім нядаўна. У іх не толькі вершы, але і вершаваная азбука, загадкі.

Творы гродзенскага аўтара друкаваліся ў рэспубліканскіх альманахах, у рэгіянальных газетах. Часты госць Мікалай Пятровіч у мясцовых школах, дзеці з задавальненнем слухаюць яго вершы.

«Гродзенскі хімік»

Стоит почитать

Последние новости