Медалём «За працоўныя заслугі» адзначаны памочнік майстра прадзільнай часткі філіяла «Завод Хімвалакно» Іван Шынкель

6е67788980.jpgКалі ўзнагародай амаль за 37-гадовую працу на прадпрыемстве становіцца медаль ад Кіраўніка краіны, значыцца, сваёй справай чалавек заслужыў прызнання на высокім узроўні. Такой падзякай – медалём «За працоўныя заслугі» адзначаны памочнік майстра прадзільнай часткі філіяла «Завод Хімвалакно» Іван Шынкель. Хімік сціпла пацвярджае гэты факт, аднак кажа, што на прадпрыемстве вялікая безліч заслужаных працаўнікоў.

Філіял «Завод Хімвалакно» стаў месцам працы Івана Мікалаевіча адразу пасля службы ў Афганістане. Да гэтага тут асталяваўся яго брат. Вырашыў паспрабаваць сябе ў хімічнай галіне і наш герой. У планах маладога работніка было паступовае станаўленне як прафесіянала. Таму вучань намотчыка – тое, што патрэбна на пачатку! Аднак прадзільны цэх стаў для яго зыходным пунктам у прафесіі транспарціроўшчыка, бо менавіта спецыялісты гэтага накірунку патрабаваліся. З гэтага моманту і пайшоў рост Івана Шынкеля. Дадаткова ён асвоіў прафесіі памочніка майстра намотачнай часткі і апаратчыка фармавання хімічнага валакна.

– Усё жыццё аддаў гэтаму прадпрыемству. Тут жа, на «Хімвалакне», знайшоў жонку, яна таксама ў прадзільным робіць, – адзначае суразмоўца. – Напэўна, за такі доўгі час працы на заводзе і заслужыў узнагароды вялікага ўзроўню.

Але як адзначаюць у прадзільным цэху, тут справа не толькі ў працягласці працы на адным месцы, а таксама і ў якасці яе выканання! Мужчына ведае свой цэх да апошняй шрубкi. Ён у ліку тых, хто актыўна прымаў удзел у яго рэканструкцыі. Тады сумесна з калегамі хімік асвойваў новае абсталяванне. А ў 2013 годзе непасрэдна ўдзельнічаў у запуску ўстаноўкі сумешчанага фармавання, выцяжкі і намоткі для атрымання высокатрывалай ніці, вытворчасць якой дае магчымасць прадпрыемству павялічыць аб’ём экспартнага продажу.

Усе гэтыя веды і напрацоўкі ён не шкадуючы перадае моладзі: Іван Мікалаевіч – нязменны настаўнік новага папаўнення філіяла. Лічыць, што падрыхтаваныя кваліфікаваныя спецыялісты – гэта заканамернасць такога прадпрыемства, як наша. Таму самааддана вучыць маладых рабочых. Толькі за апошнія два гады Іван Шынкель узгадаваў шэсць чалавек.

Дарэчы, атрыманая вялікая ўзнагарода не адзіная ў спісе заслуг хіміка. За высокія вытворчыя дасягненні Іван Мікалаевіч неаднаразова заахвочваўся кіраўніцтвам прадпрыемства, у 2006 годзе – ўзнагароджаны ганаровай граматай канцэрна «Белнафтахім».

«Гродзенскі хімік»

Стоит почитать

Последние новости