Стоп, знята! Азотаўцы падрыхтавалі ролік ў падтрымку беларускіх спартсменаў на Еўрагульнях – 2019 (+ відэа)
Па ініцыятыве завадской моладзі і рэдакцыі газеты «Гродзенскі хімік» на прадпрыемстве прайшлі здымкі відэароліка ў падтрымку азотаўцамі нацыянальнай зборнай Рэспублікі Беларусь на II Еўрапейскіх гульнях – 2019, якія адбудуцца ў Мінску з 21 па 30 чэрвеня.
Прапануем вашай увазе вынік шматдзённага творчага працэсу. Падтрымаем разам беларускіх спартсменаў!
ТОЕ, ШТО НАС ЯДНАЕ
Менавіта так актывісты моладзевага руху ААТ «Гродна Азот» – прадстаўнікі пярвічкі ГА «БРСМ», савета маладых работнікаў, камісіі па справам моладзі пры прафсаюзе прадпрыемства – назвалі чарговы сумесны праект з рэдакцыяй «Гродзенскага хіміка», у якім вырашылі падтрымаць беларускіх спартсменаў на знакавым для краіны спартыўным форуме.
Нездарма кажуць: трыбуны – дванаццаты гулец футбольнай каманды! Гэта выказванне можна смела аднесці да любога спартыўнага спаборніцтва. Шчырая падтрымка неверагодна важная як для спартсменаў-пачаткоўцаў, так і для вопытных, паспяховых, вядомых на ўвесь свет зорак вялікага спорту.
Хіба маглі завадчане застацца ўбаку ад Еўрагульняў? Не! Тым больш што ў гісторыі «Гродна Азота» ужо ў гэту суботу з'явіцца новая старонка – на наша прадпрыемства завітае эстафета агню «Полымя свету».
Сімвал, які аб'ядноўвае алімпійскія ідэалы, падымуць на гранвежу цэха карбамід-3, а ганаровае права прымаць «Полымя свету» прадастаўлена начальніку цэха аміяк-3 Леаніду Сурусу. Леанід Іванавіч, дарэчы, таксама ўдзельнічаў у здымках праекта «Тое, што нас яднае».

ТВОРЧАЯ ГРУПА
Сцэнарый для роліка «Тое, што нас яднае» быў распрацаваны групай актыўнай завадской моладзі (Яўген Парышчанкаў, Вольга Салаўёва, Алена Карпук, Аляксандр Хлебнікаў, Іна Сахарэвіч, Вікторыя Карась, Андрэй Ражынскі). Ідэя, якую яны ўклалі ў сюжэт, аб'ядноўвае работнікаў складанай хімічнай вытворчасці, нашага з вамі «Азоту», і спартсменаў. Галоўны пасыл: усё роўна хімік ты або прафесійны спартсмен, апаратчык або гімнаст, лабарант або стралок з лука, каваль ці кідальнік молата, ёсць тое, што сапраўды аб'ядноўвае. І гэта, як гаворыцца ў роліку, – «Радзіма, мова, Еўрапейскія гульні». А яшчэ сапраўдная каманда і нястрымнае імкненне да перамогі.

НА ЗДЫМАЧНАЙ ПЛЯЦОЎЦЫ
Гаворачы аб здымачным працэсе, а адказвалі за яго прафесіяналы – супрацоўнікі тэлерадыёвяшчальнага канала «Гродна Плюс», нельга не згадаць і не выказаць падзяку работнікам і кіраўнікам структурных падраздзяленняў, якія былі задзейнічаныя ў праекце, і тых, хто падтрымаў ідэю завадской моладзі. Нашы людзі – галоўныя героі роліка.
Першы здымачны дзень быў праведзены на тэрыторыі прадпрыемства. Тэлевізіёншчыкі пабывалі ў цэху метанолу, у новым цэху слабой азотнай кіслаты, на рамонтна-механічнай вытворчасці, у цэху карбамід-3, у тым ліку на гранвежы, у музеі ААТ «Гродна Азот». І ўсюды здымачную групу сустрэлі пазітыўна, аказалі разнастайную дапамогу і падтрымку. Шчыры дзякуй за гэта!

Другі здымачны дзень быў таксама вельмі інтэнсіўным. Асноўная лакацыя – ЦСК «Нёман». Па сцэнарыі трэба было зрабіць відэаздымку вялікай колькасці завадчан. І зноў кіраўнікі розных структурных падраздзяленняў і дырэктары ўнітарных прадпрыемстваў пайшлі насустрач творчай групе і дапамаглі сабраць людзей. Не засталася ў баку і саюзная моладзь Кастрычніцкага раённага камітэта ГА «БРСМ». Як вынік: сектар заўзятараў на стадыёне «Нёман» быў запоўнены. Вялікі дзякуй усім за ўдзел, разуменне і цярпенне! Колькі ж дубляў рэжысёр праекта прасіў нас зрабіць, ці не так?
У КАДРЫ «РЫТМ» І ІВАН ЦІХАН
Вельмі прыемна, што падтрымаў ідэю завадчан і ў сваім шчыльным графіку знайшоў месца для ўдзелу ў праекце «Тое, што нас яднае» беларускі кідальнік молата, двухразовы чэмпіён свету, прызёр Алімпійскіх гульняў у 2008 і 2016 гадах, заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь Іван Ціхан. Ён прыехаў на здымкі ў суботу, нягледзячы на святочны выхадны!
Таксама да праекту далучыліся нашы чэмпіёнкі – любімая каманда «Рытм». Дзякуем спартсменкам і кіраўніцтву хакейнага клуба. Вось хто ўжо заўсёды за любую ідэю, дык гэта наш «Рытм!».

***
З нецярпеннем чакаем старту II Еўрапейскіх гульняў – 2019. Верым у перамогу! Пакажам усяму свету, як трэба заўзець за нашых!
Вікторыя КАРАСЬ
Фото Валерыя ВАСІЛЕВІЧА
Відэа «Гродна Плюс»
Стоит почитать
Последние новости